МАЗЫ́РСКІ ЗА́МАК Існаваў у 15—18 ст. на гарадзішчы стараж. Мазыра. Пабудаваны на месцы ўмацаванага драўлянага замка 14 ст. Займаў мыс паміж шырокімі ярамі, якія праразалі высокі карэнны бераг Прыпяці. У 1520—30-я г. зруйнаваны татарамі. Адноўлены ў 1543. Складаўся з 3 вежаў з гароднямі і некалькімі дамамі паміж імі, якія таксама выконвалі абарончую ролю. Пасля перабудовы ў 1576 меў 5 вежаў. У 1609 цалкам згарэў, у 1613 адноўлены. У ходзе ваен. дзеянняў 17 ст. замак неаднойчы быў разбураны і паступова прыйшоў у заняпад. У 18 ст. М.з. — парадны замкава-палацавы комплекс, які складаўся з драўлянага палаца ў цэнтры і гасп. зоны. Пры даследаванні на замчышчы выяўлены рэшткі жылой пабудовы 16 ст. з кафлянай печчу, складзенай з гаршковай і каробчатай кафлі, упрыгожанай геам. арнаментам.

т. 9, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)